Сайт Архитектурно-строительного колледжа

Бібліятэка Пысіна


У 3-цім нумары часопіса “Полымя” за 1995 год мясцовы краязнаўца, член Саюза пісьменнікаў Беларусі, даследчык творчасці  Аляксея Васільевіча Пысіна, ягоны сябар Віктар Іванавіч Арцем’еў змясціў артыкул “Бібліятэка Аляксея Пысіна”. У Год кнігі нам здалося цікавым і мэтазгодным звярнуцца да яго. Прывядзем некалькі  ўрыўкаў з артыкула.

Замест прадмовы

    Скажы мне, хто твае сябры, і я скажу, хто ты. Скажы мне, якія кніжкі ты чытаеш, і я скажу, хто ты.

Гэтая народная мудрасць адносіцца да ўсіх людзей, да ўсіх чытачоў.Не з’яўляюцца выключэннем і пісьменнікі: яны людзі, яны ж і чытачы.
Кнігі могуць расказаць пра свайго гаспадара надзвычай багата. Таму цікавасць да асабістай бібліятэкі пісьменніка – справа звычайная, заканамерная.
Мне пашанцавала быць блізка, побач і разам з выдатным нашым нацыянальным паэтам Аляксеем Васільевічам Пысіным аж чвэрць стагоддзя. Быў калі-нікалі і ўдзельнікам папаўнення яго асабістай бібліятэкі, сведкам таго, як ён карыстаўся кнігамі, як чытаў іх. …

Любімыя пісьменнікі і кнігі.
А. В. Пысін як чытач

   Аднойчы ў Аляксея Васільевіча спыталіся: “Хто твае настаўнікі?” – і ён адказаў: “Не магу сказаць нешта катэгарычнае. Проста ёсць паэты, якіх люблю”.
З беларускіх больш за ўсё любіў паэтаў Максіма Багдановіча, Янку Купалу, Аркадзя Куляшова, Пімена Панчанку.
… Аляксей Васільевіч захапляўся прозай Максіма Гарэцкага, Уладзіміра Караткевіча, Івана Мележа, Янкі Брыля. Помню, калі ён поштай атрымаў першы том пяцітомнага збору твораў Янкі Брыля, той дзень стаў як свята, на якое спецыяльна запрасіў і мяне. Трэба было бачыць, якой светлай радасцю свяціліся ягоныя вочы, як бервжліва трымаў кнігу, перачытваў у каторы раз брылёўскі аўтограф, ласкава гартаў старонкі кнігі. Раіў набыць збор твораў і ў маю бтбліятэку, што я пазней зрабіў. Такое ж свята паўтарылася, калі пісьменнік прыслаў яму другі том. Мяне ўразіла, што Аляксей Васільевіч адкрыў бандэроль толькі з маім прыходам. Хацеў, каб і я прычасціўся ягонай радасцю…
З рускіх паэтаў асаблівыя сімпатыі выклікала ў Аляксея Васільевіча творчасць Мікалая Рубцова. Помню, выйшаў у свет у 1987 годзе ягоны зборнік вершаў. А.В.Пысін купіў у кнігарні. Пазваніў мне па тэлефоне: “Купі!” З нагоды любіў паўтараць радкі паэта з верша “Элегія”:

Стукну по карману – не звенит.
Стукну по другому – не слыхать.
Если только буду знаменит,
То поеду в Ялту отдыхать.
Вучыўся А.Пысін у Пушкіна і Лермантава, у Аляксандра Твардоўскага і Якуба Коласа. Цікавіўся ўвогуле паэзіяй рускай і народаў краіны, з многімі паэтамі, асабліва з Расіі і Украіны, быў у сяброўстве. Вучыўся паэт у Сафокла і Гамера (у ягонай бібліятэцы былі кнігі і гэтых аўтараў). Вучыўся ў Максіма Гарэцкага, В.Быкава, В.Астаф’ева і ў многіх іншых. Вучыўся ўсё жыццё.
Біблятэка паэта А.В.Пысіна не вызначаецца аб’ёмам і колькасцю тамоў. Збіраў паэт кнігі тыя, якія яму надта ўжо спадабаліся ці да якіх аўтараў адносіўся з асабліва шчырай прыязнасцю. А кнігі – дарункі з аўтографамі былі яму як успамін або нават як рэліквія. Назбіралася ў бібліяіэцы паэта трохі больш за тысячу экзэмпляраў кніг.
Кнігі беларускіх аўтараў, кнігі на беларускай мове з’яўляюцца стрыжнем пысінскай бібліятэкі. Тут зборнікі аўтабіяграфій беларускіх літаратараў “Пяцьдзясят чатыры дарогі” (“Пра час і пра сябе”), Янкі Купалы – збор твораў і некалькі асобных зборнікаў, Максіма Багдановіча, Якуба Коласа, таксама ж і Пімена Панчанкі. Ёсць “Песня пра зубра” Міколы Гусоўскага. Па некалькі кніжак Івана Мележа, Янкі Брыля, Уладзіміра Караткевіча, Максіма Гарэцкага, Васіля Быкава, Івана Шамякіна, Рыгора Барадуліна, Сцяпана Гаўрусёва, Аркадзя Куляшова, Анатоля Сербантовіча, Юрася Свіркі, Варлена Бечыка і іншых. За ўсе гады зборнікі “Дзень паэзіі”. Знайшлі месца “Бацькаўшчына” Кузьмы Чорнага, выбраныя творы Кандрата Крапівы, Васіля каваля, Івана Новікава, Ніла Гілевіча, Івана Чыгрынава, Антона Бялевіча, Аляксея Русецкага, Змітрака Астапенкі, Юлія Таўбіна, Міколы Сурначова, Івана Аношкіна, Каруся Каганца, Міхася Стральцова, Петруся Броўкі, Пятра Глебкі, Дуніна-Марцінкевіча, Цёткі, Ф.Багушэвіча, У.Хадыкі, Янкі Нечыпаловіча, і яшчэ, і яшчэ.

Кнігі з аўтографамі

   Найбольшую каштоўнасць, на маю думку, уяўляюць кнігі з уласнаручнымі надпісамі іх аўтараў (блізка ля сотні, а мо крыху болей кніг).
… У бібліятэцы А.В.Пысіна па некалькі (ад трох да шасці) кніг з аўтографамі пісьменнікаў Янкі Брыля, Ніла Гілевіча, Максіма Лужаніна, Рыгора Барадуліна, Сцяпана Кухарава, Сцяпана Гаўрусёва, Еўдакіі Лось, Віктара Ракава, Віктара Карамазава, Міхаіла Ханінава, Пятра Прыходзькі, Міколы Аўрамчыка, Аляксея Зарыцкага.
І ёсць у бібліятэцы а.В.Пысіна кнігі з аўтографамі, якія напісалі яму на памяць Іван Шамякін, Леанід Дайнека, Леанід Левановіч, Павел Пруднікаў, Алег Лойка, Анатоль Вярцінскі, Хведар Жычка, Аляксандр Мельнікаў, Навум Кіслік, Браніслаў Спрынчан, Ніна Тарас, Надзя Зверава, Сяргей Законнікаў і шмат яшчэ хто. Бібліятэка захоўваецца ў аднапакаёвай кватэры ўдавы Пысіна Еўдакіі сямёнаўны. На кніжных паліцах цесна. Дзе-нідзе кнігі ў два рады і зверху ляжаць. Так што даравальна нечыя зборнікі незнарок і абмінуць увагай.
… Каталог сваёй бібліятэкі А.В.Пысін не вёў. Адмовіўся (яму прапаноўвалі зрабіць бясплатна) ад штэмпеля “Уласная бібліятэка А.В.Пысіна”.
Пэўнага парадку ў расстаноўцы кніжак на паліцах не было. Але ніводнага разу не шукаў патрэбную кнігу доўга: любую знаходзіў і даставаў імгненна.

   Кнігі Аляксею Васільевічу Пысіну былі дарадцамі і сябрамі.

Год книги

Беларускі каляндар

Бібліятэка Пысіна

В мире мудрых мыслей

Пословицы о книге

Это интересно!


Разработка и администрирование сайта:
Островский Роман Александрович

© Архитектурно-строительный колледж 2006-2013

Hosted by uCoz