Сайт Архитектурно-строительного колледжа

Кніга ў маім жыцці

Кніга ў маім жыцці

У Год кнігі навучэнцам другога курса нашага каледжа было прапанавана напісаць сачыненне-разважанне на тэму “Кніга ў маім жыцці”. Мы прыводзім урыўкі з некаторых творчых работ.

            ПУТРЫНА ГАННА (гр.2А):
“Калі за вокнамі барабаніць дождж, хочацца цішыні і спакою, я бяру ў рукі кнігу і пачынаю марыць. Кожная з іх гасцінна адчыняе дзверы: “Уваходзь!”. Табе застаецца толькі выбраць месца сустрэчы з героямі твора.
… Кожны мае свой асабісты густ. Мае  любімыя  літаратурныя  жанры -  класічны раман і фантастычныя аповесці сучасных аўтараў.
… Аўтарам найпрыгажэйшага еўрапейскага рамана дваццатага стагоддзя, на маю думку, з’яўляецца Эрых Марыя Рэмарк, а мой любімы твор гэтага аўтара - “Трыўмфальная арка”. У ім апісваецца цяжкі час паміж Першай і Другой сусветнымі войнамі. Твор аб тым, як людзі, каб выжыць,  спрабавалі прыстасоўвацца да жыцця. А яно было зусім не спакойным і вельмі трывожным. Гэта кніга цудоўна перадае атмасферу апошняга кахання.
… Чалавек не можа жыць вечна, але кніга захоўвае думкі тых людзей, якія жылі сто, трыста год назад. Так мы адчуваем дапамогу продкаў. Кніга  заклікана быць для кожнага і настаўнікам, і сябрам. Я спадзяюся, што мае друкаваныя сябры заўсёды будуць побач і будуць рабіць жыццё больш напоўненым, жвавым, яскравым, творчым”. 

          ЛАПЦЕВА КАЦЯРЫНА (гр.2А):
“… Я, як і большасць сучаных дзяцей, не любіла чытаць кнігі, бо не разумела, што кніга – скарб, які вучыць жыць, не паўтараць чужых памылак, паступаць разумна.
Першая кніга, якая адкрыла на многае мае вочы і стала любімай, называецца “Ад каго мы пайшлі” знакамітага расійскага вучонага, афтальмолага Эрнэста Мулдашава. Гэты аўтар дапамог мне ў чатырнаццаць год  зразумець, што чытаць кнігі і быць адукаванай – гэта крута і актуальна”.

          ПАНАСІК ЛЮБОЎ (гр. 2А):
“… Сёння людзі ўсё радзей успамінаюць пра кнігі, таму што ў іх жыццё прыйшоў інтэрнэт. Я ніколі не задумвалася над розніцай паміж кнігай і інтэрнэтам. Але нядаўна я звярнулася да сямейнай бібліятэкі, якую збіралі мае бацькі. Я знайшла ў ёй новыя кнігі і зусім старыя з цудоўнымі пераплётамі. Калі дакранаешся да гэтых пераплётаў, з’яўляецца незвычайнае пачуццё, што кніга можа перанесці цябе ў зусім іншы свет, што яна мае, як і чалавек, свой узрост, сваю радзіму і сваю каштоўнасць. Калі так падумаць, дык без кніг не было б і інтэрнэту, таму што ўся інфармацыя, што знаходзіцца там, узята з кніг. А яшчэ ў кнізе ніколі не сядзе батарэйка, як гэта можа здарыцца з тваім камп’ютарам!”

          ВАСІЛЕЎСКАЯ ВЕРАНІКА (гр. 2А):
“Сёння рэдка хто вольны час траціць на тое, каб пачытаць кнігу. Яшчэ часопіс, газету – куды ні ішло. Я не выключэнне. Але гэта не значыць, што я ўвогуле не чытаю. Я люблю гэта рабіць, калі ў мяне шмат вольнага часу і ніхто не патрывожыць. Такое здараецца, як правіла, у час летніх канікул. Так, два гады таму ўлетку я прачытала вельмі цікавую кнігу Алены Кобец-Філімонавай ”Жаваранкі над  Хатынню”. Мяне так захапілі лёсы герояў, што я яскрава ўяўляла людзей, вёску, пейзажы. Я быццам пабывала ў кожным  хатынскім  доме. І ў маім сэрцы да гэтага часу жыве боль па загінуўшых жыхарах  гэтай беларускай вёсачкі…”

          ЧЭЧУН ІЛЬЯ (гр.2С5):
“Наш час – гэта час вялікіх дасягненняў у галіне інфарматыкі. З’явіліся ноўтбукі, камп’ютары. Людзі жывуць у нагу з часам, карыстаюцца хуткасным інтэрнэтам, чытаюць аўдыякнігі. А тоўстыя папяровыя кніжкі паволі сыходзяць у гісторыю, і бібліятэкі становяцца з’явай з мінулага стагоддзя. Але мне здаецца, што бібліятэкі ўсё ж лепей, чым інтэрнэт. Прыходзіш туды,  а там велізарныя стэлажы, кнігі з пажаўцелымі старонкамі. Ты бярэш такую кнігу і датыкаешся не да паперы, а да гісторыі. Камп’ютар – гэта толькі скрыня з экранам, прачытаў і патушыў. Так што хоць кніга – мінулае стагоддзе, але яна ўсё ж лепей за камп’ютар”.

          СТРАШКО ЯЎГЕН (гр. 2М):
“Са старажытных часоў кніга была крыніцай ведаў. Праз кнігу адно пакаленне перадавала сваю мудрасць, свае веды, свой вопыт другому пакаленню. Кніга дапамагала развівацца цывілізацыі.
Але ў наш час, на маю думку, кнігі страцілі сваю актуальнасць. Галоўнай забавай для нас сталі тэлевізар, камп’ютар, інтэрнэт. Чытаць становіцца не модна. У бібліятэках усё менш і менш чытачоў. І я не бачу ў гэтым вялікай праблемы. Ад таго, што ты не прачытаеш некалькі кніжак, ты не станеш дурнейшым. Тым больш, што па тэлевізары ідуць навуковыя перадачы, ёсць культурныя каналы. Ды і ў інтэрнэце ёсць усе кнігі ў электронным варыянце. За іх і грошай аддаваць не трэба.
Так што кніга ў маім жыцці сёння амаль нічога не значыць”.

          СТУПАКОЎ ВАЛЕРЫЙ (гр. 2М):
“… Каб надрукаваць адзін падручнік, патрэбна цэлае дрэва. Ці не занадта вялікая плата?!
Навошта сёння чытаць кнігу, калі можна паставіць патрэбную праграму на камп’ютар, слухаць тую ж кнігу і займацца патрэбнай справай. Па-мойму, калі чытаеш звычайную кнігу, вельмі хіліць да сну. Я лічу, што кніга выходзіць з ужытку, саступаючы дарогу сучасным тэхналогіям”.

          БЕНДЗІКАЎ АЛЯКСЕЙ (гр. 2С5):
“Кніга – гэта не толькі крыніца ведаў. Яна будзіць розум,уключае фантазію, фарміруе жыццёвыя погляды. Ні кіно, ні тэлебачанне не ўплываюць так на наш розум, як добрая кніга.
Мая любімая кніга – “Рабінзон Круза” Д.Дэфо. Чытаючы гэты твор, я не мог не захапляцца Рабінзонам, які, пражыўшы дваццаць гадоў на бязлюдным востраве, не згубіў чалавечнасці. У яго не ўсё атрымліваецца адразу. Але паступова Рабінзон вучыцца плесці кошыкі, рабіць гліняны посуд, адзенне, вырошчваць збожжа, гадаваць жывёлу. Наш герой пакутуе ад свайго адзіноцтва. З’яўленне Пятніцы вызваляе Рабінзона з палону маўчання. Але што мяне ўразіла, дык гэта тое, што Рабінзон адразу робіць з Пятніцы прыслугу, вучыць яго называць сябе “мой спадар”. Мабыць, Рабінзон не мог уявіць сабе іншыя адносіны паміж людзьмі, толькі  калі адзін мае быць гаспадаром, а другі яму служыць.
На маю думку, гэта кніга вельмі павучальная. Яна вучыць не толькі не здавацца і змагацца з цяжкасцямі, але і паказвае, што праца дапамагае чалавеку заставацца чалавекам”.

          ТУРКОЎ АНТОН (гр. 2С5):
“Як можна ўявіць жыццё без кніг? Гэта ж сумна і нецікава!
… Кнігі дапамагаюць прымаць правільныя рашэнні. Часам, сочачы за лёсамі літаратурных герояў, мы болей даведваемся пра саміх сябе ці пра сваіх сяброў. Чытаючы кнігі, мы папаўняем свой слоўнікавы запас, становімся разумнейшымі і цікавейшымі. З дапамогай кніг мы пазнаем свет…”

Выказаныя думкі супярэчлівыя. Але мы ўдзячныя нашым навучэнцам за іх шчырасць.  Тэма сачынення прымусіла задумацца і навучэнцаў, і нас, выкладчыкаў.

                           Станкевіч В.М., выкладчык беларускай мовы і літаратуры

 

 

Разработка и администрирование сайта:
Островский Роман Александрович (e-mail)

© Архитектурно-строительный колледж 2006-2013

Hosted by uCoz